Беларуская Служба

«Алкаголь — зло нашага народа». У адным з польскіх гарадоў пачаў дзейнічаць начны «сухі закон»

08.08.2025 08:48
Некалькі ўладальнікаў крам алкагольных напояў маюць намер падаць скаргу на пастанову.
 .
Ілюстрацыйны здымак.kasjanf/pixabay.com/CC0
У Шчэціне ўступіла ў сілу забарона на начны продаж алкаголю. Алкаголь нельга будзе купляць у крамах з 23:00 да 6:00. Забарона не распаўсюджваецца на некаторыя заправачныя станцыі, а таксама на ўстановы, якія прапануюць алкагольныя напоі для спажывання на месцы.
Карэспандэнт Польскага радыё спытаў жыхароў Шчэціна пра іх погляды на мясцовы «сухі закон».
 Напэўна не будзе лепш, бо зараз усюды адкрыюцца нелегальныя пункты продажу. Хтосьці купіць упакоўку піва і будзе зарабляць па 6-7 злотых на бляшанцы.
 Паглядзіце на гісторыю – ці калі-небудзь забарона продажу абмежавала спажыванне?
 Алкаголь – гэта зло нашага народа, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне. У мяне самога ёсць алкагольная залежнасць. Я лячуся, хаджу на тэрапію. І ведаю, колькі неабходна прыкласці намаганняў, каб не піць. А ніводная крама не збанкрутуе. Калі хтосьці захоча купіць алкаголь, ён гэта зробіць раней, а не ноччу. Калі ёсць жаданне, усё магчыма.
Некалькі ўладальнікаў крам алкагольных напояў маюць намер падаць скаргу на пастанову аб забароне продажу алкаголю ў начны час. Яны лічаць, што гарадская рада не правяла неабходных грамадскіх кансультацый перад галасаваннем. Яны маюць намер працягваць барацьбу ў адміністрацыйным судзе.
IAR/нг